СКІ́ФСКАЯ ПЛІТА́,
маладая платформа паўн. зоны Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса. Займае Раўнінны Крым, Азоўскае м. і Перадкаўказзе. Мяжуе на Пн з Усх.-Еўрапейскай платформай, на Пд з Горным Крымам і краявымі прагінамі Вял. Каўказа. Складзена з фундамента (слабаметамарфізаваныя тэрыгенна-карбанатныя адклады сярэдняга палеазою; у паўд. ч. эпібайкальскія масівы метамарфічных парод), пераходнага познапермска-ранняюрскага комплексу і чахла (сярэдняюрскія — антрапагенавыя адклады, магутнасць 0,1—8 км). На С.п. вылучаюць Прычарнаморскую ўпадзіну, Сімферопальскае і Стаўрапольскае падняцці і інш. структуры. С.п. фарміравалася пераважна ў байкальскі, герцынскі і раннекімерыйскі тэктанічныя цыклы. На асадканамнажэнне ўплывала сумежная (на Пд) альпійская геасінкліналь. Радовішчы нафты (Перадкаўказзе), газу (Раўнінны Крым, Зах. Перадкаўказзе), буйныя рэсурсы артэзіянскіх вод, здабыча солей брому і лячэбных гразей (Зах. Крым).
В.М.Губін.
т. 14, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)